Вясковыя хаты былі курнымі – мелі глінабітныя курные печы бе коміна, печ была справа каля ўвахода, калі палілі, дым ішоў на хату і выходзіў праз верхнік (адтуліну ў столі). Хата мела высокі парог і нізкія дзверы. Тры невялікія акенцы зачыняліся на нач драўлянай засаўкай. Падлога – гліабітны ток, летам у святочныя дні слалі аір. У вуглу каля печы – качарэжнік, там стаялі вілкі для гаршкоў, чапяла, памяло, мяцёлка і інш. Над вусцем печы – жэрдка, дзе сушылі адзенне. Супраць печы – “Бабін кут”. Там каля дзвярэй – кадушка для вады, далей на лаве –драўляныя вёдры, даёнка, сальніца і інш. Над лавай вісела паліца з посудам, побач –лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на круку віселя верхняя вопратка. Пад столлю ўздоўж сцен –дзве паралельныя жердкі, на якіх сушылі лучыну, складвалі маткі нітак, кудзелі ільну і інш. Ніжэй вокнаў – шырокія лавы. Покуць (красны кут) – развешвалі абразы, убраныя ручнікамі, пучкі асвечаных траў і каласоў. На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім пакідалі хлеб накрыты ручніком. Сярод мэблі ужывалі табурэты, дзіцячыя стойкі, хадуны, калыскі. У зімовы час хата была майстэрняй – рабілі лыжкі, плялі лапці, пралі,ткалі, шылі адзенне, вязалі. Ля кутняй сцяны ці бліжэй да парога ставілі кросны для ткацтва.
Пасля адмены прыгоннага права адбыліся змены. Курная печ змянілася на “Чыстую” ці “белую”, з дымаходам. Павялічваліся размеры вокнаў, падлога масцілася дошкамі. Мэбліроўка – замест спальных нар (пола і палацяў) – драўляныя ложкі. Ля кутняй сцяны – куфар для адзення. Прадметы узорнага ткацтва - посцілкі, абрусы, ручнікі. Сцены хат счэсвалі, унекаторых раёнах бялілі, часам толькі столь. Мэбліроўка залежала ад памераў хаты. Магло быць трохкамернае жыллё – хата+хата+сенцы, хата+кухня+сенцы і гаспадарчы кут.
Калаўрот, самапрадка — прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. Складаецца з наступных рабочых частак:- кола;- прыводная педаль (шатун, ківач);- уласна прадзільны апарат, які складаецца, у сваи чаргу, са стрыжня з насаджанай шпулькай і малых кольцаў, злучаных шнурамі з галоўным колам.У Беларусі вядомыя два асноўныя тыпы калаўротаў: стаяк, характэрны для заходніх зямель, і ляжак, характэрны для паўночных і паўночна-ўсходніх зямель. Калаўроты з'явіліся ў Беларусі ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах, у сялянскім побыце з сярэдзіны 19 ст., асабліва ў раёнах інтэнсіўнага льнаводства — поўнач і ўсход Беларусі, на паўднёвай Беларусі пераважала прадзенне з дапамогаю верацяна.Калаўрот суправаджаў дзяўчыну ад нараджэння і да замужжа. Гэта неабходнае ў доме прыстасаванне ставілі дзяўчынцы пад калыску для лячэння начнога плачу і ад спалоху. Бадай, лепшым падарункам жаніха сваёй нявесце быў новы калаўрот, зроблены і ўпрыгожаны яго рукамі.
ЧАЎНОК
Ткацкая прылада для пракідання ўтку ў працэсе ткання (па знешняму выгляду нагадвае мініяцюрны човен). Вядомы дзве разнавіднасці чаўнака - з донцам і полы. У першым выпадку цэўку кладуць на дно, а ўточную нітку прапускаюць праз адтуліну збоку ці ў канцы чаўнака (у працэсе ткання прытрымліваюць цэўку вялікім пальцам. У полым чаўнаку цэўку мацуюць на тонкім металічным стрыжні, таму яго не трэба было прытрымліваць. Акрамя лодкападобных вядомы быў і вілкападобны чаўнок ігліца (дошчачка з дзвюма выемкамі на канцах), які служыў для вырабу падвойных дываноў.
ПРАСНІЦА
Драўляная прылада для мацавання кудзелі ў час прадзення воўны, льна, лянькі. Вядомы чатыры асноўныя тыпы: лапатападобная, прасніца-грэбень, прасніца-вілы, прасніца-кій. На Беларусі найбольш пашыраны лапатападобная і прасніца-грэбень.
Маслабойка, або бойка — бандарны выраб; y беларусаў і іншых славянскіх народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, a да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка). Такой жа формы маслабойку выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы маслабойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю, у выглядзе 2-доннай бочачкі, y якой было «акенца» з засаўкай; масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Маслабойкі бытуюць і ў наш час.
Працэс збівання масла ўручную быў даволі цяжкім. У ёмістасць залівалі вяршкі або смятану, а потым рухалі ручку ўверх-уніз каля дзвюх гадзін. Для атрымання 1 кг масла неабходна было амаль 4 літры вяршкоў. Затым атрыманую масу вылівалі ў таз з халоднай вадой. Масла, што ўсплыло на паверхню, збіралі лыжкай і шчыльна ўкладвалі ў драўляную прамавугольную форму - масламерку. Фармоўка ставілася на ноч у халоднае месца, а раніцай быў гатовы брусок свежага масла
КУФАР, скрыня — драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, адзенне, бялізну і каштоўнасці; від мэблі. У куфар збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі ў дом маладога. Вядомы з часоў позняга сярэднявечча як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Мелі выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці металічнай скрыні з плоскім векам, часта па-мастацку акаванай, забяспечанай унутраным замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр'ерах — вялікія, драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У сялянскім інтэр'еры пашыраны з ХІХ ст., замяніў кубел.Выраб куфра часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з сасновых, ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных кольцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутраны замок ці зашчапку для вісячага. Часта куфар аздаблялі мастацкай акоўкай у выглядзе жалезных ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку. Пад уплывам заходне-еўрапейскіх барочных форм куфры набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкаратыўнай размалёўцы, галоўным чынам фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны.Куфры (як і кублы) займалі важнае месца ў вясельнай абраднасці, што адлюстравана ў песенным фальклоры. Маці, а потым яе дачка збіралі ў куфар пасаг («Што сяляначкі пралі, што мяшчаначкі ткалі, белыя лебедзі на моры бялілі, а сястрыцы ў куфар залажылі»). У час ад'езду маладая «дзялілася»: «Табе, мамка, уся паселенька, а мне, моладзе, скрыня ды й пасцеленька». На вясельным возе куфар вязлі кубельнікі, якім наказвалі не згубіць «ні скрыні, ні пярыны, ні маладой гаспадыні». Пра маладога спявалі: «Яго коні каваныя, вязуць скрыні маляваныя». Ён жа павінен быў выкупіць куфар («Скрыня сакоча. Чаго яна хоча? Паўтара залатога ад князя маладога»). Прысутнічаў куфар у вясельных абрадах «засмальвання» і расплятання касы, у «пакладзінах» і інш.У сучасным вясковым побыце куфар страціў сваю былую ролю. З 1950-х г. вытворчасць куфраў амаль спынілася.
Ложак — від мэблі, прызначаны для адпачынку і сну. Вядомы з часоў сярэднявечча ў сядзібна-палацавых інтэр'ерах. Гатычныя ложкі — масіўныя, дубовыя, простых прысадзістых форм; часоў рэнесансу і барока — з дугападобнымі спінкамі і выгнутымі ножкамі; класіцыстычныя і ампірныя — простых выразных форм.У народным жыллі набылі пашырэнне з ХІХ ст., замяніўшы сабой у інтэр'еры хаты пол і палаці, часам бытавалі паралельна. Спінкі ложкаў звычайна змацоўвалі бакавінамі, на якія клалі дашчаны насціл, на яго сяннік і пасцель. Як прыналежнасць чыстай палавіны хаты, ложак аздаблялі па рознаму: надавалі спінкам і ножкам адмысловыя абрысы, дэкарыравалі фігурнымі накладкамі, фляндроўкай і інш. На дзень ложкі засцілалі посцілкай ці накідкай, клалі падушкі з узорыстымі навалачкамі. Сцяну каля ложка ўпрыгожвалі тканым ці маляваным дываном.Нярэдка ложак з пасцельнымі прыналежнасцямі ўваходзіў у пасаг маладой. У наш час самаробныя драўляныя ложкі выцясняюцца прамысловымі вырабамі: у 1920-50-я гг. металічнымі, у наш час — драўлянымі розных форм і відаў; традыцыйна аздабляюцца тканымі вырабамі прамысловай ці хатняй вытворчасці.
Ложак мае вялікае значэнне ў жыцці кожнага дзіцяці. Таму ён павінен быць абсалютна бяспечны для яго здароўя. Самыя прыдатныя ў гэтых адносінах - драўляныя дзіцячыя ложкі. Выраблялі іх з драўніны хвоі, бярозы, бука. Такія ложкі даўгавечныя, трывалыя, экалагічна чыстыя і лёгкія ў абіходзе.
Калыска (люлька, зыбка) — месца, дзе знаходзіцца дзіця ў першы год пасля нараджэння. Калыска магла быць размешчана на падлозе, магла быць прымацавана да столі, яе выраблялі з дрэва, палатна, плялі з лазы ці саломы, надавалі ёй самыя разнастайныя формы.
Падчас вырабу калыскі прытрымліваліся строгага правіла: яе павінен быў зрабіць нехта з мужчын сям'і: бацька, дзед або родны дзядзька дзіцяці.
Калі майстравалі калыску, выбіралі адзін матэрыял; часцей за ўсё гэта былі расліны або дрэвы, якія хутка растуць: вярба, арэх, "каб так жа хутка расло і дзіця". Калі калыску рабілі з глогу, казалі: "Каб дзіця жыло доўга". У народных казках калыска была з золата ці серабра.
Забаранялася рабіць калыску да нараджэння першага дзіцяці, бо лічылася, што дзіця тады памрэ.
У традыцыях усходніх славян было прынята ўпрыгожваць калыску роспісам, інкрустацыяй, разьбой, што, як лічылі нашы продкі, выконвала магічныя ахоўныя функцыі ў дачыненні да дзіцяці.
Магічнымі якасцямі ў народнай культуры быў надзелены і вочап — шэст, на якім прымацоўвалі калыску да столі. Калі бацькі больш не жадалі мець дзяцей, то з вочапа не здымалі кару і не абсякалі голле.
У калыску клалі рэчы-абярэгі: нож, нажніцы, крыж, чацвярговую соль, якая была зашыта ў невялічкі мяшэчак з чырвонай тканіны; над калыскай вешалі чырвоныя паясы, званочкі, мацавалі невялічкі абраз.
Калыску накрывалі полагам, які часта выраблялі з вэлюму, у якім маці ішла да шлюбу, або з яе спадніцы.
Калі дзіця першы раз клалі ў люльку, прытрымліваліся цэлага шэрагу правілаў. Часцей за ўсё гэта рабілі толькі пасля хрышчэння. Да таго часу яно магло спаць на ложку з бацькамі, на печы, у рэшаце і г.д.
Для гэтай, як лічылі нашы продкі, даволі значнай падзеі ў жыцці дзіцяці, выбіралі самы спрыяльны дзень: напрыклад, той, на які ў гэтым годзе прыпадала Раство, каб у далейшым дзіця было "багатае і шчаслівае". І наадварот, "прапускалі" той дзень тыдня, на які ў гэтым жа годзе прыпадала Дабравешчанне. У хаце калыску ставілі бліжэй да печы, так, каб дзіця ляжала галавой да парога. Катэгарычна забаранялася, каб на калыску трапляла месяцавае святло.
Збан — гліняны посуд з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбай-літком і вушкам-ручкай.
Від гарлача. З’яўляецца ганчарным вырабам. Выкарыстоўваецца для захоўвання малака і іншага пітва. Вырабляецца чорназадымленым і паліваным. Аздабляецца лінейна-хвалістымі ўзорамі, глянцавым арнаментам у елачку, геаметрычнай і расліннай падпаліўнай ангобнай размалёўкай. Для выкарыстання ў якасці даёнкі вырабляецца аб’ёмам да 3-6 літраў з шырокім вусцем. Іншыя назвы: глечык, жбан, кушын і ру́чнік.
Рэшата - прылада для правейвання зерня ці прасейвання мукі. Аснова з фанеры, а дно з рагожнай, валасяной ці металічнай сеткі.
ВЕЯЛКА-ШУФЛІК
Веялка-шуфлік - драўляная лапатка, выгнутая ці выдзеўбаная ўсярэдзіне, з кароткай ручкай. Рабілі яе з бруска (бязоза, асіна, вольха, ліпа, вярба) шляхам выдзёўбывання.
У некаторых мясцінах для веяння збожжа выкарыстоўвалі яшчэ шуфлікі на доўгай ручцы (веялі стоячы)
Масламерка - драўляная прамавугольная форма для ўкладвання масла. Фармоўка ставілася на ноч у халоднае месца, а раніцай быў гатовы брусок свежага масла.
НОЧВА
Карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначалася для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты, якую ссыпалі затым у бочкі, мяса для каўбас і іншага. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны, ліпы), колатага папалам; ёмістасць выдзёўбвалі цяслой, сценкі і дно знутры згладжвалі скобляй, разцом.
СЕРП
Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19 ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). У авальных даўжыня ад пачатку ручкі да канца рэжучай часткі (клінок) па прамой лініі 40-43 см, шырыня ляза 2,5-3 см, разрэз насечкі зубоў прыкладна 2 мм, даўжыня драўлянай ручкі 13 см. Паўкруглы серп карацейшы: даўжыня ляза па прамой лініі 30-32 см. У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі. Сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп.
КАЧАЛКА (РУБЕЛЬ)
Для прасавання бялізны і вопраткі выкарыстўвалі таксама драўляныя прасы – качалкі (рубель). Бялізна наматвалася на качалку, пасля чаго некалькі разоў старанна пракатвалася «рубелем» – доўгай драўлянай плашкай з рэбрамі на ніжняй паверхні і ручкай на канцы. Рубель з характэрным стукам перекатваў качалку, рэбры яго пры гэтым разміналі валокна тканіны. Гэта прыстасаванне называлася таксама «ребрак», «раскатка», «пральнік». Яно праіснавала ў вёсках некаторых рэгіёнаў да канца XX стагоддзя.
ПРАС
Прас — прылада для разгладжвання складак на тканіне. У XVIII—XIX стагоддзях прасы ўяўлялі сабой металічныя збудаванні формы, блізкай да сучаснай. Гэта былі прасы, якія напаўняліся вуглямі з печы (прас з жарам, вугальны прас). Трэба было раз-пораз размахваць прасам, каб вуглі разгараліся і грэлі корпус праса. Прасавалі бялізну асцярожна, калі вуглі перагравалі корпус праса, можна было спаліць тканіну. Такія прасы выкарыстоўвалі ў асноўным для прасавання тканін з iльну, бавоўны, сукна. Прас пасля прасавання патрабавалася чысціць ад вуглеў.
Ко́шык, кош — традыцыйна, гэта плецены выраб з дубцоў вярбы, драніцы, лубу бярозы, саломы, чарота і іншых матэрыялаў. Выкарыстоўваецца для збору ягад, грыбоў, гародніны, арэхаў, пераноскі і захоўванні розных запасаў, а таксама прадметаў хатняга ўжытку.
Суцэльныя кошыкі часам робяцца з паперы, тканіны і іншых матэрыялаў, адрозніваючыся ад скрынак валюхатым верхам, і бываюць без вечкаў, ці з плоскімі вечкамі. Па форме яны могуць быць прастакутнымі, квадратнымі, авальнымі, паўсферычнымі.
Пральная дошка - прыстасаванне для ручнога мыцця бялізны, тканін.
Керасiнавая лямпа — прылада для штучнага асвятлення памяшкання з дапамогай спальвання газы. Складваецца з балона і са шкла з завужаным верхам.
Комментариев нет:
Отправить комментарий